1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Маргарыта Ляўчук: Вызваляю Беларусь праз вызваленне Украіны

Ірына Ігнацюк
20 сентября 2022 г.

DW сустрэлася ў Мюнхене з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук і паразмаўляла з ёй пра жыццё, мову, культуру і мары пра сям'ю.

https://p.dw.com/p/4H62I
Margarita Levchuk | Opernsängerin aus Belarus

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук актыўна ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. У тым жа годзе праз нязгоду з адміністрацыяй сышла з працы ў Нацыянальным тэатры оперы і балету. Цяпер Маргарыта жыве ў Вільні і апроч як з класічнай музыкай таксама працуе з палітычнай сатырай, адкрыта і правакацыйна крытыкуе дыктатуру ў краіне. У 2021 годзе супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК ("Здзек з дзяржаўных сімвалаў"). Рэпарцёрка DW Ірына Ігнацюк сустрэлася са спявачкай у Мюнхене і запісала з ёю вельмі шчырую размову. Ніжэй - яе скарочаная версія. 

DW: Маргарыта, што для цябе цяпер свабода?

Маргарыта Ляўчук з бел-чырвона-белым сцягам
Маргарыта Ляўчук. Жнівень 2020 годаФото: margarita.levchuk.official/Instagram

Маргарыта Ляўчук: Калі ты можаш спакойна спаць у ложку і не баяцца, што да цябе з раніцы могуць прыйсці. Калі ты жывеш у Еўропе, у свабоднай краіне, то ўсё пераасэнсоўваеш. Канешне, ты разумееш, што адбываецца ў Беларусі, наколькі там заціснутая свабода, але ж калі ты жывеш у іншай, свабоднай краіне, ты трошачкі адрываешся ад слова "свабода", ты не думаеш пра яго, таму што ты апрыёры свабодны. Я думаю, калі ўся Беларусь запоўніцца свабоднымі людзьмі, адразу ж, з першага дня гэта будзе іншая краіна, таму што мы прывязем з сабой гэты дух і пах свабоды. Я чакаю гэтага часу.

- Ты верыш у гэта?

- Канешне. Заўсёды штосьці жудаснае сканчаецца. Я, як такая дзяўчынка, веру ў казкі і добры канец. Калі глядзець на гісторыю, усе дыктатары паміраюць і ўсё перараджаецца. Таму я ў гэта веру. Канешне, для нас гэта будзе вельмі доўга. Два гады – гэта ўжо доўга. А для гісторыі гэта будзе вельмі хутка, таму што яны самі сябе закапваюць. Я веру, што яны хутка кануць у Лету.

- Ты вельмі актыўна падтрымлівала беларускія пратэсты і гэтак жа актыўна цяпер падтрымліваеш украінцаў. Што для цябе смеласць?

- Калі я была маленечкай, я заўсёды казала праўду-матку. І з гэтым іду па сваім жыцці. Я не ведаю, як можна інакш. Проста сядзець і маўчаць, нічога не казаць – гэта не я. Я проста такі чалавек. І я не падтрымлівала пратэсты, я ў іх удзельнічала. Я бачыла сваімі вачамі, колькі людзей было на вуліцах Менску. Я заўсёды буду казаць праўду, і ў новай Беларусі - хочаце вы гэтага ці не - я буду казаць праўду. А хто вам яшчэ скажа, калі не я?

- Што для цябе страх?

- Нас так вучылі з дзяцінства: не трэба гэтага рабіць. І ты ў сабе накопліваеш гэтыя страхі, а потым ты думаеш: а навошта жыць у гэтых страхах? Жыві толькі зараз, а страх пакладзі на паліцу. Ты ж не ведаеш сваёй будучыні – рабі зараз тое, каб не было страшна потым. Калі ўсяго баяцца, то навошта тады жыць. Я толькі змяюку баюся. Але ж я кажу, што я сама змяюка, таму ўсё нармальна (смяецца - Рэд.).

"Да маіх бацькоў прыйшлі ў траўні"

- Пра затрыманне бацькоў раскажаш?

- Дык усе ведаюць, што да маіх бацькоў прыйшлі ў траўні. Яны збіраліся да мяне ў Вільню. У іх было 35 год з дня шлюбу, і яны думалі адсвяткаваць гэта ў Вільні. Набылі квіткі і хацелі прыехаць, зрабіць такое свята. Але ж хтосьці вырашыў інакш: іх затрымалі, зрабілі ператрус, і цяпер яны плоцяць велічэзны штраф.

- Але ты разумееш, што не тваіх бацькоў затрымалі, а цябе?

- Канешне, я разумею. Дык гэта ўсе разумеюць. Я кажу, такія малайцы гэтыя "красаўцы-петушкі", таму што цяпер нават у тых "ябацек", маіх родзічаў, якія верылі ў міліцыю, у Лукашэнка, у галаве штосьці пературбоўваецца, яны думаюць: штосьці не тое, затрымалі нармальных людзей, якія нічога не рабілі, і ўвалілі ім такі штраф. За што? За тое, што яны не адчынілі быццам бы дзверы, не падпарадкаваліся міліцыі? Гэта неяк дзіўна, бо ўсе ведаюць маіх бацькоў, усе ведаюць, што яны класныя сапраўдныя людзі, і калі ім хтосьці будзе грукаць у дзверы, яны адчыняць. 

Маргарыта Ляўчук з бел-чырвона-белым сцягам на фоне Нацыянальнага тэатру оперы і балету
Маргарыта Ляўчук да 2020 года працавала ў Нацыянальным тэатры оперы і балетуФото: margarita.levchuk.official/Instagram

- Што для цябе салідарнасць?

- Я не ведала да 2020 года, што такое салідарнасць. А вось у 2020 годзе я гэта зразумела. Калі для незнаёмага чалавека з белым бранзалетам, пра якога ты ведаеш, што ён "твой", ты гатовы рубаху парваць і ўсё для яго зрабіць. І дагэтуль ты разумееш, што такое салідарнасць, і апошнія грошы аддасі, калі трэба беларусу. Таксама і для цябе гэта зробяць.

Спевы "шатаюць" рэжым

- Мне так падабаецца, што ўсе пачынаюць размаўляць па-беларуску. І ўсім, хто саромецца размаўляць, я кажу: "Давайце, размаўляйце, я таксама не вельмі добра размаўляю па-беларуску, але ж хто, калі не мы?" Усе пачынаюць задумвацца над сэнсам жыцця, над нашай мовай – такое перараджэнне беларуса. Гляджу на гэтых людзей і думаю: як крута! І гэты проста спевы, але ж яны робяць такую працу. Спевы "шатаюць" рэжым. Гэта вельмі крута, што спевамі мы можам і вылечваць людзей ад гэтай расейскамоўнай хваробы і ад Расеі ўвогуле, а таксама мы можам "шатаць" рэжым. Я думаю, што ў новай Беларусі культура будзе на першым месцы, таму што мы зразумелі, што такое культура. Культура аб'ядноўвае і робіць з нас сапраўдных беларусаў.

- Ты сама калі пачала размаўляць на беларускай мове?

- У 2020 годзе. Я дагэтуль спрабавала, але ж трошкі саромелася трасянкі. А потым ты на трасянцы пачынаеш нармальна "лупіць". Але ж я лічу, што мова – гэта першае, што ў нас павінна быць. Напрыклад, калі ўзяць літоўцаў - я цяпер жыву ў Літве - яны яшчэ 30 год таму казалі: па-літоўску ў нас ніхто не будзе размаўляць, гэта мова, на якой у вёсках размаўляюць. 30 год прайшло - і бывай руская мова.

Калі пасля 2020 года ты не зразумеў у Беларусі, што ты беларус і што мова – гэта першае, што павінна быць у беларуса, то што будзе далей? Проста праз любоў да сваёй радзімы, да краіны, да мовы, да ўсяго беларускага ўсе і пачнуць размаўляць. Кожны павінен пачаць з сябе. Вось я ўжо пачала, ты пачала, і я ведаю людзей, якія таксама пачалі разам са мной.

"Мы не набяромся псіхолагаў на іх усіх"

- Чаму адбыўся такі раскол у грамадстве?

- Гэта прапаганда, ты амаль 30 год кожны дзень глядзіш тэлевізар, слухаеш радыё, і ўсе ў гэтай прапагандзе. Бабулькі, дзядулькі, дзядзечкі, цётачкі, якія глядзяць гэтае тэлебачанне і больш нічога не глядзяць, нікуды не ездзяць, сядзяць толькі ў сябе на дачы, канешне, становяцца такімі замбакамі, рэальнымі зомбі. І яны гэтага не разумеюць. Гэта хворыя людзі, якіх трэба проста лячыць ад гэтай хваробы. Я думаю, што мы проста не набяромся потым псіхолагаў, псіхааналітыкаў і нармальнага тэлебачання на іх усіх.

- Чым ты ганарышся?

- Я ганаруся беларусамі, сапраўднымі беларусамі. І гэта мяне матывуе. Таму дзякуй усім беларусам, я вас люблю.

- Пра што ты марыш?

- Канешне, пра свабоду ў сваёй краіне, пра сямʼю, бо цяпер разумею, што я ўжо дарослая і магу браць адказнасць за сябе і магу зрабіць сямʼю, нарадзіць дзіця, сапраўднага беларуса ці беларусачку. Раней, да 2020 года, я казала: у мяне карʼера, якая там сямʼя! А цяпер я разумею, што сямʼя – гэта вельмі важна.

- З пачатку вайны ва Украіне штосьці змянілася для беларусаў?

- Няма іншых выйсцяў з гэтай сітуацыі, толькі прамое. Я магу песнямі падтрымліваць, рабіць канцэрты, збіраць грошы на іх і падтрымліваць нашых ваяроў. Кожны што можа, тое і робіць. Як я спяваю: "Прайду няўхільна цяжкі шлях. Я вызваляю Беларусь праз вызваленне Украіны". Так і будзе - вызвалім Украіну, і Беларусь, канешне. І Расея таксама будзе свабоднай ад Пуціна і ад ненармальных людзей, якія гэта ўсё падтрымліваюць. Я думаю, так і будзе.

Глядзіце таксама:

Кіраўніца "Вольнага хору" - інтэрв'ю DW

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще